КІНЕТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ АНА́ЛІЗУ,

метады аналізу хімічнага, заснаваныя на залежнасці скорасці хім. рэакцыі ад канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў. Прыдатныя для вызначэння аднаго з рэагентаў рэакцыі або каталізатара і рэчываў, якія з ім узаемадзейнічаюць (каталітычныя метады, ці каталіметрыя). Рэакцыя, скорасць якой вымяраюць, наз. індыкатарнай. Звычайна ў якасці індыкатарных выкарыстоўваюць гамагенныя рэакцыі — акісляльна-аднаўляльныя, унутрысфернага замяшчэння ў комплексных злучэннях, ізатопнага абмену, ферментатыўныя. Выкарыстоўваюць пры аналізе вады, паветра, біяхім. даследаваннях, для вызначэння мікраэлементаў у геал. і біял. аб’ектах.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)